БРЭ́СЦКІ МІР 1918,
Брст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, АўстраВенгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)